«Каласы пад сярпом тваiм. Кніга 1. Выйсце крыніц»

- 1 -
Уладзімір Караткевіч Каласы пад сярпом тваім

Маці сваёй прысвячаю

У рукі галодных беднякоў

аддасі ты ворагаў усіх краін,

у рукі схіленых да праху — каб

прынізіць магутных людзей

розных народаў.

Кумранскі "Світак Вайны" Кніга першая Выйсце крыніц

Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана;

А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.

Крывадушнiкi! аблiчча неба распазнаць

умееце, а знаменiй часу не можаце?

…Мацея, XVI I

Груша цвiла апошнi год.

Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.

- 1 -