«Грот афаліны»

- 5 -

— А куды ж дзецца мне-е-е?! А мае ж вы но-ожач-кі! А каму я дзе патрэбна, калі і тут мне жыцця няма-а?! — галасіла старая Рата. Яна сядзела наперадзе Янга, выставіўшы тоўстыя, як калодкі, у абвіслых пачварных складках ногі. Колькі помніць Янг, у яе былі такія ногі. Усю сілу яна аддавала на тое, каб цягаць іх. Сваякі адцураліся Раты — слановая хвароба невылечная, — і старая жабравала.

— У мяне дзевяць пальмаў. Як я пражыву без іх, карміцелек?! — выкрыкваў нехта плаксівым голасам.

— Султан жа абяцаў на каранацыі: сталічны востраў, Галоўны, будзе берагчы, нібы квактуха, кожнае сваё кураня. А цяпер што? Сам дзяўбе нас, як каршун! — гэта быў голас брата Раджа. Янг вылучыў яго з усіх галасоў.

— О, вялікі Вішну! Усемагутны Вішну! Найпрыгажэйшы Вішну! За якія грахі паслаў пакуты? Ствары цуд, уратуй нас!

Крыкі, галашэнне… Гледзячы на мацярок, заплакалі і дзеці.

— Ціха-а! Дайце і мне сказаць! — надрываўся ў гэтым гармідары кітаец Лі Сунь. Ён прабраўся ў цэнтр, пакланіўся на ўсе бакі. Хвосцікі завязанай касынкі матляліся ззаду, як дзве коскі.— Ну чаго вы панікуеце? Усё ідзе да лепшага, а не да горшага. Хоць свету пабачыце, а то некаторыя за ўсё жыццё далей Біргуса носа не высоўвалі.

- 5 -