«Эльдарада просіць дапамогі»

- 1 -
Аляксей Якімовіч Эльдарада просіць дапамогі ЭЛЬДАРАДА ПРОСІЦЬ ДАПАМОГІ Частка першая НЯПРОШАНЫЯ ГОСЦІ ЦІ ЁСЦЬ КРАІНА ЭЛЬДАРАДА?

Той цёплы сакавіцкі дзень — першы дзень нашых школьных канікулаў — памятаю як сёння.

Зранку я пайшоў за вёску, на раку. Непрыкметнай тоненькай нітачкай цягнецца на карце наша рака. А мы ведалі, што тут і віры круцяць на паваротках, што ёсць і яміны-бухты трохметровай глыбіні, і брод. Ведалі, дзе пантоны ляжаць, засмоктаныя пяском. Тут у тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртым годзе нашы салдаты перапраўляліся…

Тады, увесну, рэчка разлілася. Далёка-далёка, кіламетры на два, ажно да лесу, да самага хвойніку, зацішнага, парослага ядлоўцам, дзе так многа цёплых сунічных палянак!

Заклаўшы рукі за галаву, я ляжаў на высокім абрывістым беразе і глядзеў на хмаркі. Хмаркі, лёгкія пухнацікі, павольна праплывалі нада мною.

Я стараўся адгадаць, куды, у якую далеч яны плывуць. Думалася: а што, калі і я некалі недзе там, далёка, буду?

I соладка было на душы, і шчымліва.

Нечакана непадалёку пачуліся галасы:

— Андрэй, а мы цябе даўно шукаем!

— Марозік, растлумач ты ёй!..

Па беразе ішлі мае сябры — шасцікласнікі Міхась Кадыш і Наташа Весялуха.

— Марозік, — паўтарыў Міхась, падышоўшы бліжэй, — я болей не магу. Яна мяне да ікаўкі давяла.

- 1 -